БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.І.Эпімах-Шыпіла, Ч.І.Родзевіч, А.П.Ярэміч, У.Ф.Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.С.Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.І.Мігай, сакратар Э.А.Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел. с.-д. рабочай партыі (А.Р.Чарвякоў, А.Х.Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)